2 красавіка 2026 года а 16:00 гадзіне у Музеі сучаснага мастацтва (вул. Генерала Белабародава, 5) адбудзецца адкрыццё выставы «Кітайскі дыярыуш», на якой будуць прадстаўлены графічныя творы Дзмітрыя Сянько.
Сянько Дзмітрый Сцяпанавіч кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П.М. Машэрава.
У 2005-2006 гадах праходзіў стажыроўку ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, у Хух-Хотосскім прафесійным інстытуце (аўтаномны раён Унутраная Манголія) Выкладаў малюнак, алейны жывапіс кітайскім студэнтам. Паралельна вывучаў кітайскі традыцыйны жывапіс.
У свеце, перанасычаным дэталямі і гіперрэалізмам, кітайскі жывапіс прапануе нам спыніцца і зірнуць на сутнасць рэчаў. Яе прывабнасць — у недаказанасці. Тут не патрэбны цені і аб'ём у нашым звыклым разуменні; галоўнымі становяцца рытм, намёк і чысціня колеру. Пустата ў карціне гэтак жа значная, як і малюнак, яна дае воку адпачынак, а ўяўленню волю, дазваляючы гледачу стаць сааўтарам, дамаляваць выяву і напоўніць карціну гармоніяй са светам, адводзячы ад мітусні да сузірання.
Асаблівую вастрыню гэтаму мастацтву надае яго каліграфічная прырода. Карціна пішацца тымі ж матэрыяламі (туш, пэндзаль, рысавая папера), што і іерогліфы. Кожны мазок не церпіць выпраўленняў — ён павінен быць імгненным і дакладным, як удар мячом ці па ў танцы. Глядач можа "прачытаць" гісторыю стварэння карціны па рытме гэтых ліній, адчуўшы дыханне майстра, які працаваў стагоддзі таму.
Знаёмства з тэхнікай традыцыйнага кітайскага жывапісу аднойчы застаецца з табой назаўжды, адчыняючы дзверы ў свет, дзе мастацтва становіцца не проста ўпрыгожваннем, а спосабам пазнання сябе і Сусвету.
На выставе прадстаўлены работы «кітайскага перыяду» і работы, выкананыя ў наступныя гады. Усяго прадстаўлена больш за 50 графічных твораў, фотакалаж, каліграфічная інсталяцыя.
Пад час адкрыцця выставы адбудуцца майстар-класы па графіцы і каліграфіі мастака-выкладчыка разам са студэнтамі і магістрантамі з КНР, якія набываюць адукацыю ў ВДУ.
Выстава будзе працаваць з 2 красавіка да 10 мая 2026 года ўключна.
