| среда, 24 декабря | Якуба Коласа | 23,00 − 25,00 р. | 19:00 |
Браніслаў Нушыч
Камедыя па п'есе «Засмучаная радня»
Прэм’ера – 16 снежня 2025 года
Гэты сербскі драматург добра вядомы віцебскай публіцы па спектаклі «Доктар філасофіі», пастаўленым коласаўцамі ў 2017 годзе і па сёння знаходзіцца ў актыўным рэпертуары. Новы спектакль таксама будзе напоўнены гумарам, сатырай, яркімі характарамі і раскрывае заўсёды актуальную праблему - прагу людзей да грошай.
Хто не марыць пра вялікую спадчыну, якая вырашыць усе жыццёвыя праблемы? Засмучаныя родзічы, большасць з якіх «дзясятая вада на кісялі», спаборнічаюць у сваім нібыта горы, быццам бы аплакваюць нядаўна памерлага сваяка. Кожны з іх спрабуе давесці, што любіў нябожчыка больш, чым усе іншыя, быў яму неверагодна блізкі і дарагі. Вядома, яны ведаюць, што спачылы пакінуў неблагую спадчыну. І больш таго, у чаканні абвяшчэння волі нябожчыка, радня пачынае загаддзя дзяліць прывіднае багацце. Хто ж сапраўды атрымае спадчыну? І на што здольныя сваякі, каб адхапіць вялікі кавалак багацця? Прыходзьце на наш спектакль - і абавязкова даведаецеся!
Рэжысёр спектакля «Нечаканая радня» - Віктар Чэпелеў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, ён жа аўтар сцэнічнай версіі п'есы. Сцэнаграфія і касцюмы Святланы Макаранка, галоўнага мастака тэатра. Музыка і музычнае афармленне Міхаіла Рудака. Харэаграфія Ульяны Ацясавай. Пераклад п'есы на беларускую мову Пятра Ламана, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь.
У спектаклі занятыя: Вячаслаў Грушоў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь / Юрась Цвірка, уладальнік медаля Францыска Скарыны (Агатон), Галіна Букаціна, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь / Крысціна Ульяненка (Сімка, жонка Агатона), Георгій Лойка, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь (Танасія), Святлана Жукоўская (Віда, жонка Танасіі), Пятро Ламан, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь (Прока), Ніна Обухава (Гіна, жонка Прокі), Генадзь Гайдук, уладальнік медаля Францыска Скарыны (Трыфун), Вікторыя Шамардзіна (Сарка, удава), Дзмітрый Філімоненкаў (Міча), Вераніка Малашкевіч (Даніца), Таццяна Ліхачова, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь (Цётка, старая жанчына), Аляксей Анісеня (Доктар Петравіч, адвакат).
