Першую фразу па-беларуску запомню назаўжды. Як я пачала размаўляць на роднай мове

21 февраля 2023 в 11:16
Поделиться
Класснуть
Отправить

Я пачала размаўляць на мове ужо ў дарослым жыццi. У асабістых стасунках размаўляю і пішу па-беларуску заўсёды. Па працы, на жаль, рэдка. Але мова ўжо стала звычнай з'явай у маім жыцці. Аднак калі-нікалі на мяне накатвае сум: беларускамоўных у нас усё ж вельмі мала, і ўсе мы навідавоку, як белыя вароны. Лёгкая мішэнь для хейтэраў.

Ну вось, напрыклад, сітуацыя. Завітала неяк у кавярню. І сустрэла там трох беларускамоўных знаёмых. Павіталіся, размаўляем. І мне тут хлоп раптам думка: «Нічога сабе! У Віцебску! Ажно чатыры чалавекі адразу! Размаўляюць! Па-беларуску!».

У любой іншай краіне гэта была б цалкам натуральная з’ява: жыхары горада размаўляюць на сваёй мове. Але для Беларусі сітуацыя нестандартная, згадзіцеся. Тых, хто наважваецца ўжываць беларускую мову не толькі дома, але і ў грамадстве, мала.

Да беларускай мовы я ішла даўно — яшчэ з юнацтва, хоць мне зусім не пашанцавала на добрых выкладчыкаў гэтага прадмета ні ў школе, ні ва ўніверсітэце. Але я шмат разважала на тэму: чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску. Выснова заўсёды была такой: дык можа, ужо трэба пачаць з сябе?

І рашэнне перайсці на родную мову нарэшце саспела, як колас пад сонцам. Аднойчы раніцай прачнулася — і зразумела: я зраблю гэта сёння.

Самым цяжкім было сказаць па-беларуску першы сказ. Не дома, не ў кампаніі сяброў, як гэта было раней, а незнаёмаму чалавеку.

Ранкам у той дзень я ехала ў камандзіроўку. У кавярні на вакзале выдыхаю — і прашу:

Дайце мне, калі ласка, зялёнай гарбаты без цукру.

Прадавачка не здзівілася, нічога не перапытала. Падала мне гарбату. Яшчэ і прыязна пажадала: «На здароўе!»

Усё аказалася так проста!

Гэту сваю першую беларускую фразу — у публічным асяроддзі — я запомню на ўсё жыццё. Яна для мяне, ну можа, трошкі менш дарагая, чым першы сказ майго сына ў маленстве.

Людзі рэагуюць на мову цудоўна. Я нават не чакала, што так будзе. Некаторыя самі пераходзяць на беларускую. Такія выпадкі былі і ў банку, і ў аптэцы, і ў крамах, і ў транспарце, і ў трэнажорцы, і ў іншых месцах. Ёсць тыя, хто ставіцца прыязна, але не разумее асобныя словы. Я тлумачу — і ў нас атрымліваецца цалкам нармальны кантакт.

А ведаеце, хто рэагуе на мову з найбольшай сімпатыяй? Таксісты і гандляры на кірмашах. З імі завязваюцца, бывае, жывыя дыялогі.

Калі ласка, мне гэта вядзерца бульбы.
Тры з паловай рублі, спадарыня, — і яно ваша!

Каб удасканальваць веды, стала больш чытаць па-беларуску: кнігі, часопісы, медыя. Слухаю аўдыёкнігі. Падпісалася на каналы і групы, дзе кантэнт пра мову і культуру.

Вельмі радуюся кожнаму новаму чалавеку ў сваім атачэнні, які ў размове са мной пераходзіць на беларускую мову.

У краме я заўсёды аддам перавагу тавару з надпісам па-беларуску. Мне, далібог, смачнейшы «цукар», а не «сахар», «алей», а не «подсолнечное масло», «марозіва», а не «мороженое».

Перажываю толькі вось з-за чаго. Па працы часта даводзіцца пераходзіць на рускую. І на інтэрв’ю з героямі артыкулаў, і ў тэлефонных размовах, і ў камунікацыі з калегамі. Так прасцей, жыццё вакол такое, што вымагае шукаць кампрамісы. Бывае нават сорамна за сябе, што «гну сваю лінію» не да канца.

Але і тут бываюць прыемныя выключэнні. Іншым разам людзі лепей ідуць на кантакт, калі чуюць якраз беларускую. Так адбылося, напрыклад, з героямі вось гэтага артыкула. Напачатку яны былі досыць стрыманымі. Калі я ўнутрана адчула, што лепей перайсці на мову, суразмоўцы адразу ж раскрыліся, і размова пайшла лёгка і жыва!

Чалавек заўсёды павінен рабіць тое, да чаго кліча ягонае сэрца. Я рада, што паслухала яго, і перайшла на родную мову.

Я ўспрымаю свет найперш праз слова. І яно мне падабаецца, маё новае моўнае жыццё. Мне даспадобы нашыя беларускія словы-зярняткі, словы-кветкі, словы-сонейкі, словы-зорачкі. Прыгожыя і такія родныя. Шкада, што я не паэтка. Наша мова — лепшая для вершаў і кахання.

Не бойцеся пачаць размаўляць па-беларуску. Гэта не так страшна, як здаецца. І давайце адсвяткуем Міжнародны дзень роднай мовы! Пішыце ў каментарах, якія беларускія словы вашы самыя любімыя.

Аўтар: Таццяна Мацвеева

Нашли опечатку? Выделите фрагмент текста с опечаткой и нажмите Ctrl + Enter.

2 комментария
Валерия Фризен
21 февраля 2023 в 11:35
Любімыя так хутка не ўспомніла, але падчас чытання артыкула знайшла нялюбыя - "прадавачка" і "гарбата". Ну не гучаць яны мне прыгожа))))))
Вика Вика
21 февраля 2023 в 19:57
Людзi лепей iдуць на кантакт на беларускай мове, таму што гэта тое, што нас аб'ядноўвае.