Памяць сэрца

Мероприятие уже прошло
Поделиться
Отправить
Класснуть

Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкi» сардэчна запрашае убачыць яркі, прыгожы, эмацыйна багаты, надзвычай кранальны харэаграфічны спектакль «Памяць сэрца» i атрымаць моцныя ўражанні і сапраўдную асалоду ад выбітнай харэаграфіі, прасякнутай любоўю да нашай роднай зямлі і яе традыцый.

У спектаклі гучыць тэма складанага, трагічнага лёсу жанчыны падчас вайны… На яе плечы ляглі ўсе нягоды. Менавіта жанчына змяніла мужчыну і стала галоўным здабытчыкам, клапацілася пра гаспадарку, выхоўвала дзяцей, з раніцы да ночы працавала на калгасных палях, аддаючы ўсю сябе для будучай перамогі.

Першая палова праграмы напоўнена шчымлівымі, пранікнёнымі лірыка-драматычнымі нумарамі. Але будзе на сцэне і сапраўднае свята, сімвал адраджэння і светлай надзеі — «Беларускае вяселле» — выдатная харэаграфічная сюіта, якую складаюць гулліва-жартоўныя танцы-сцэнкі. Артысты выконваюць іх з запалам, радасным натхненнем, яркімі эмоцыямі і пачуццямі.

Канцэрт пройдзе пад жывую музыку ў суправаджэнні вакальна-аркестровай групы ансамбля «Харошкi».