Усе чыталі ў школе трылогію Коласа «На ростанях». Пра маладога настаўніка Лабановіча, які адправіўся ў палескую глуш для асветніцкай мэты. Ды і не раз у беларускіх класікаў апявалася моладзь, якая трапляла ў самыя розныя куткі Беларусі. Хтосьці адпраўляўся па закліку сэрца, хтосьці па доўгу.
Цяпер кожны, хто заканчвае вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю, трапляе на «размеркаванне». Хто падмітусіўся, знайшоў сабе месца сам, астатнія спадзяюцца на волю выпадку. І калі ты не з горада, цябе заўсёды імкнуцца адправіць бліжэй да бацькоў, у свой раён.
Я сама з «рамантыкаў», якія з задавальненнем, калі б і не засталіся назаўсёды, так адпрацавалі б спакойна патрэбныя 2 гады ў сваёй маленькай вясковай школе. І не страшна, што аўтобус да бліжэйшага горада ходзіць рэдка і аўталаўка замест крамы. Затое прырода і дом бацькоў побач. Але, з іншага боку, як адмовіцца ад усіх магчымасцяў горада? А што самі маладыя людзі?
Вось, напрыклад, Каця. Яна настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Па размеркаванні яна працавала ў Віцебску, а потым падалася ў родную вёску – Новы Пагост (Міёрскі раён). Сама. Цяпер яна ні аб чым не шкадуе, а пра мінусы і плюсы сельскага жыцця піша ў сваім instagram.
Я і вам прапаную прачытаць іх і разбурыць міфы пра вясковы побыт.
З аднаго боку, гэта вельмі сумна. Вёскі незаўважна знікаюць, пусцеюць.
Але з іншага... Як крута весці ўрок не на 30 чалавек! Дзеці сядзяць па адным, слухаюць цябе ўважліва і разумеюць, што спытаць паспеюць, калі не ўвесь клас, то палову дакладна.
І галоўнае! У вёсцы (пакуль па маіх назіраннях у 1 дзень) у дзяцей лепшыя адносіны з беларускай мовай. Гэта проста разрыў сардэчка?
«Як бы ні было радасна вяртацца дадому, але ж гарадское жыццё мяняе твае звычкі і погляд на свет. І з некаторымі асаблівасцямі вясковага жыцця прымірыцца складана. Раскажу пра тое, што клапоціць мяне.
Я жудасны мярзляк. Нават сплю ў шкарпэтках! А дачакацца ў вёсцы, пакуль нагрэецца хата ад печкі...? Карацей кажучы, пішу гэты тэкст, накрыўшыся коўдрай. І нічога вы мне не зробіце.
Нейкія асаблівыя, выбітныя, незвычайныя тавары трэба ці то замаўляць у інтэрнэце, ці то ехаць у райцэнтр. І яшчэ добра, калі ў горадзе я знайду патрэбнае і даспадобы. Паліто вунь купляла ў Віцебску. А за смачнымі сушы трэба ехаць як мінімум у Браслаў.
У нашым горадзе няма прыстойнай кнігарні. Зусім яе няма. Ёсць толькі крамы з канцтаварамі, куды кніжкі, звычайна ж, не прывозяць. А кніжныя крамы-мая любоў.
Я з такой асалодай у іх блукаю, перабіраю новыя кніжачкі, паштовачкі, дыхаю водарам новага выдання. Пазбавілася вельмі прыемнага занятку.
Ды і ўвогуле з заняткамі ў вольны час тут складана. Журботна, маркотна, самотна восеньскім вечарам. Хоць ты на спартыўную секцыю з дзецьмі хадзі.
Погляд адной дзяўчыны, што пасля 8 гадоў жыцця ў Віцебску вярнулася ў вёску свайго дзяцінства.
Першы плюс я, безумоўна, пабачыла на цыферблаце вагі, бо тут значна меншы ўзровень стрэсу, і арганізм, напэўна, вырашыў назапасіць некалькі кіло, калі раптам што.
Ды і есці я стала лепш. Седячы ў горадзе, самотна чакаючы мужа з заробкаў, я магла тыднямі харчавацца аднымі бутэрбродамі. Ідучы пасля двайной змены на працы, заесці галодны дзень пачкам чыпсаў ці гатовай салатай.
Цяпер я не памятаю, калі ў апошні раз ела тыя чыпсы!
У мясцовай школе добра арганізавана харчаванне настаўнікаў, а ў краму мы заходзім па хлеб/малако і іншыя першасныя рэчы.
У школе адна змена. У тры гадзіны я ўжо вольная як вецер. І гэтага ветру ў галаве вельмі не хапала ў горадзе, дзе стосы сшыткаў раслі хутчэй за мой узровень дэпрэсіі.
Тут усе ўсіх ведаюць. І гэта я лічу плюсам. Не трэба 10 разоў пісаць анічога ў бясконцыя групы ў вайберы. Можна проста прыйсці да бацькоў-супрацоўнікаў школы. А яны перададуць далей. Ды і дзеці пакуль мяне не падводзілі: усё, што трэба, да бацькоў даходзіць. Шчасце.
Мой 6 клас — гэта таксама вельмі прыемны плюс. 8 хлопцаў, якія адзін за аднаго гарой, і адна дзяўчынка, што як старэйшая сястра аберагае гарэз-забіяк ад непрыемнасцей. Цудоўныя!
І ўвогуле дзеці вельмі простыя, адкрытыя, з імі лёгка і прыемна. Спадзяюся, што і ім са мной :)
×××
Я не ведаю, колькі сярод чытачоў Vitebsk.biz выхадцаў з вёскі. Але ж спадзяюся, што вышэйнапісанае неяк адгукнулася ў вашым сэрцы і натхніла вас на новыя думкі. Бо што ў горадзе, што ў вёсцы ёсць свае мінусы і плюсы. Але галоўнае, каб нам было добра там, дзе мы знаходзімся ў дадзены момант.
Падрыхтавала Надзейка
Нашли опечатку? Выделите фрагмент текста с опечаткой и нажмите Ctrl + Enter. Хотите поделиться тем, что произошло в Витебске? Напишите в наш телеграм-бот. Это анонимно и быстро.
Безумно приятно читать пост на белорусском языке, как жаль, что в ежедневном общении мы не используем его и он постепенно стирается из нашей памяти.
Очень рада за Екатерину, что она нашла своё место )