Народныя святы, якія вы маглі не ведаць

21 февраля 2023 в 06:05
Поделиться
Класснуть
Отправить

Так атрымалася, што з багацця народных свят афіцыйных засталося амаль менш паловы. Новы год, Каляды, Масленіца, Вялікдзень, Радаўніца, Купалле і… амаль усё. Больш свят могуць ведаць людзі веруючыя: Пакровы, Дзяды, Чысты Чацвер, Вербніца і г.д. Але народныя святы звязаны ў першую чаргу з гаспадарчым календаром і зменнасцю пор года, пачаткам і заканчэннем жыцця зямлі. У кола жыцця чалавека таксама ёсць свае сямейна-абрадавыя моманты, але аб гэтым пазней.

Сёння ж мы пагаворым аб вясенне-летніх народных святах, пра якія вы, магчыма, маглі не ведаць. Таму, хто забыў, напомнім. Таму, хто нешта недзе чуў, дапаможам. А той, хто ведае, малайчына! Сядайце дзеці, мы пачынаем.

Вясна

Спаліць зіму на Масленіцу недастаткова. Трэба яшчэ зазваць вясну да сябе. А як яе клікаць, калі не песнямі-вяснянкамі?

Гуканне вясны — гэта цэлы рад абрадаў і рытуальных дзеянняў. Моладзь раскладвала вогнішча, як на Купалу, і вадзіла карагоды.

«Жавароначкі, прылятайце!» — пелі дзяўчынкі і падкідвалі ўверх печыва ў выглядзе птушачак. Лічылася, што менавіта птушачкі прынясуць на сваіх крылах цяпло і вясну.

І вось яно 22 сакавіка — дзень веснавога раўнадзенства, калі канчаткова прыходзіць вясна. У народзе свята мае назву — Саракі (ад слова «сорак»).

Дзяўчаты пяклі, так званыя «галёпы», клалі іх у рад і частавалі сабаку. Чыю галёпу з’ядуць першай, тая хутчэй і замуж выйдзе.

Галёпы мелі і іншае значэнне — хрысціяне выпякалі іх 40 (згодна колькасці мучанікаў) з напамінаннем аб Вялікім пасце. Таксама лічылася, што з цёплых краін на радзіму вылятае сорак выраяў птушак. Менавіта таму печыву ў выглядзе птушак надавалі цудадзейную сілу.

Камаедзіца (6 красавіка) мае крыніцы татэізму, бо галоўная асоба ў гэты дзень — Мядзведзь. Адзначаецца свята за дзень да Благавешчання і азначала прыход вясны і прабуджэння мядзведзя ад сну. Сяляне клаліся на канапы і перавальваліся з боку на бок, імітуючы прабуджэнне звера ад спячкі. Елі гарохавую кашу (камы), сушаны рэпнік і аўсяны кісель, бо гэта ежа так падабаецца касалапаму. Мядзведзь лічыўся адным з увасабленняў бога Велеса — апекуна хатніх жывёл. Каб яго задобрыць, насілі, нават, ласункі ў лес.

Юр’еў дзень (6 мая/траўня) — дзень ушанавання парадку і росквіту прыроды. Дзяўчынкі апраналі ў кветкі самую прыгожую з іх і ішлі на луг, вадзілі карагоды і спявалі. Таксама было добрай справай сустрэць дзень у полі, аглядаючы свае «палеткі». Каб не захварэць, трэба было з раніцы выкачацца ў траве, бо лічылася, што ў Юр’еў дзень раса мае цудадзейную сілу.

На свята ўпершыню пасля зімы выганялі статак на пашу, а пастухоў частавалі караваем, яйкамі і салам.

Лета

Праз 7-8 тыдняў пасля Вялікадня прыходзіла Сёмуха (Троіца), з якой пачыналіся Зялёныя святкі і працягваліся некалькі тыдняў. Гэта было свята прыходу лета і заканчэння вясны. Тут жа сімвалам і татэмным вобразам становіцца Дрэва Сусвету.

Дзяўчынкі ішлі ў лес, абіралі маладыя бярозкі (жаночы татэм), завязвалі на іх рознакаляровыя стужачкі и праходзілі праз своеасаблівую арку. Гэта быў абрад яднання прыроды з маладзіцай, якая дасягнула шлюбнага ўзросту. Так яна паказвала, што гатова выйсці замуж і нараджаць дзетак.

Пазней прыйшло ўяўленні пра хрысціянскую Троіцу (Бог-Бацька, Бог-Сын, Бог-Святы дух). Але акрамя гэтага ёсць і старажытная першааснова: трыяда дрэва (голле, ствол, карэнне — як космас, атмасфера і зямля), у чалавечым — галава, тулава, ногі, у традыцыйнай культуры — мінулае, сучаснае і будучае.

Трыяда складае аснову беларускага святочнага календара (Каляда — Вялікдзень- Дзяды), адпаведна абуджэнне, вышэйшая кропка і смерць прыроды.
Ужо на пачатку Сёмухі людзі збіралі травы, упрыгожвалі пабудовы зелянінай, ганак і падлогу дома ўсцілалі аерам, плялі вянкі і пускалі па вадзе. Лічылася, што ўсе гэтая рытуалы дапамагалі пазбавіцца ад хвароб, набрацца моцы, сілы, здароўя перад цяжкай летняй працай.

Пятро (12 ліпеня) — пік лета, менавіта з ім пачыналі сенакос: «Хто ў пятроўку сена не косіць, той зімою ў сабак сена просіць».

У гэта дзень заканчваўся Пятроўскі пост. Песні і карагоды мелі матывы кахання і шлюбу. У гэты перыяд праходзіла «кумаванне». Дзяўчынка і хлопец звівалі дзве галінкі суседніх бяроз і, абмяняўшыся пярсцёнкамі ці пацалаваўшыся пад ёй, пэўны час лічыліся кумамі.

Справа ў тым, што пасля Пятра пачынаўся сезон вяселляў. Таму казалі: «Дзеўка хітра да Пятра», г.з. стараецца, каб яе ўзялі замуж.

Ілля (2 жніўня) — лічыцца канцом лета і пачаткам восені. Пасля гэтай даты нельга было купацца, бо «Прыйшоў Ілля – укінуў у ваду кавалак ільда» ці «Прыйшоў Ілля нарабіў гнілля». Ілля — кіраўнік дажджоў і навальніц. Яго можна параўнаць з язычніцкім богам Перуном.

А вось для пачатку жніва быў самы час. Таму ў пятніцу перад Іллёй праходзіла Серпавіца ці «Шыпілінка» (21 ліпеня) — дзень падрыхтоўкі да жніва і «зазубрывання сярпоў» у кузні.

Асобна можна вынесці Зажынкі і Дажынкі — цэлы комплекс рытуалаў, прысвечаных важнаму перыяду сельска-гаспадарчых работ (з 12 ліпеня па 27 верасня). Асаблівых маштабных рытуалаў не было, але беларусы надавалі працы святочны настрой, бо здабываецца, «творыцца» хлеб. А каравай, мы ўсе ведаем, — сімвал багацця, дастатку, заможнасці. Хлеб вызначаў у беларукаў сацыяльнае становішча. Таму жніво было кульмінацыяй усёй каляндарный культуры.

Раніцай на Зажынкі самы малады член сям’і (маладзіца, што нядаўна выйшла замуж) разам з дзяўчатамі нажыналі першы сноп. Існавалі і спецыяльныя зажыначныя песні, якія партабавалі добрай падрыхтоўкі і ўмення валодаць сваім голасам.

Заканчваецца лета Арэхавым спасам, папярэджаві яму Мядовы (14 жніўня) і Яблачны (19 жніўня) спасы. Прыметна тое, што 29 жніўня пяклі першы хлеб са збожжа новага ўраджаю. Частавалі ім усіх членаў сям’і і суседзяў. Стараліся праводзіць апошняе свята лета шчодра: «Калі добры трэці Спас — узімку будзе квас».

×××

Вось так. Атрымалася сцісла, але я спадзяюся, вам было цікава і пазнавальна. Да сустрэчы! :)

Нашли опечатку? Выделите фрагмент текста с опечаткой и нажмите Ctrl + Enter.

2 комментария
Валерия Фризен
21 февраля 2023 в 10:53
Супер! Практычна ўсе святы ведала, бо ў школе быў прадмет "Культура Беларусі" і там настаўнік распавядаў пра іх. Дзякуй, што нагадалі).
AnJam
22 февраля 2023 в 10:41
В весенние праздники, как мне ка, можно смело добавлять грамніцы, когда отмечают встречу зимы и лета. Хоть и святкуют в конце февраля, но праздник вполне себе уже весенний :)