Шпацыр з архітэктарам, экскурсіі і майстар-класы: як прайшла «Ноч музеяў» у арт-прасторы на «Талстога, 7»

21 мая 2023 в 12:30
Поделиться
Класснуть
Отправить

Сваю ноч музеяў арт-прастора на «Талстога, 7» пачала пасля 15 гадзін з Ратушнай плошчы. Разам з архітэктарам Глебам Арлоўскім аматары даўніны прайшлі па вуліцы Талстога, былой Падзвінскаай, да Заходняй Дзвіны.

Гэта вуліца сама па сабе і ёсць музей, нягледзячы на ўсялякія «Малинки» і «Матрёшки». Яна ды суседняя вуліца Крылова найменш пацярпелі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Так, захаваліся не ўсе будынкі, але і сёння мы можам выразна ўявіць, як пару стагоддзяў таму па брукаванцы ехаў заможны віцяблянін. Ён трапляў дадому праз уязную арку, што выдзяляла кожнае домаўладанне.

Публіка сабралася зацікаўленая гісторыяй. Пыталіся і пра патаемныя падземныя хады, якія аказаліся не больш чым водаправоднымі каналамі, і пра легенды горада, і пра віцяблян, што праславілі яго на ўвесь свет. Віцебск дакладна стаў бліжэй кожнаму, хто выйшаў на шпацыр з архітэктарам. А сабралася больш за 20 чалавек. Нават у падвал будынка арт-прасторы спусціліся. Многім хацелася б бачыць там музей.

У арт-прасторы група раздзялілася па інтарэсах. Вядомы віцебскі скульптар Сяргей Сотнікаў пусціў гасцей у сваю майстэрню. Расказаў, як нараджаюцца ідэі, якія потым увасабляюцца ў гарадскія скульптуры.

На майстар-клас па выцінанцы ад мастачкі Наталлі Каньковай завітаў нават адзін мужчына. Ён разам з усімі старанна выразаў мудрагелістыя ўзоры, пераўтвараючы звычайны ліст паперы ў твор мастацтва.

Крыху пазней расчыніла дзверы калажная майстэрня Ганны Карасёвай.

Таксама арт-прастора прапанавала разам паглядзець фільм «Старик Хоттабыч» і стаць сведкамі светлавога перформанса.

Аўтар: Наталля Чарнічэнка. Фота аўтара.

Нашли опечатку? Выделите фрагмент текста с опечаткой и нажмите Ctrl + Enter.