У гэты раз я патрапіла ў Беларускі тэатр «Лялька» без квітка і са службовага ўваходу. Не стану згадваць шматлікія Гран-пры і разнастайныя ўзнагароды прэстыжных міжнародных фестываляў, якіх багата ў біяграфіі тэатра. Не буду размаўляць з акцёрамі, распытваць пра творчыя планы мастацкага кіраўніка. Хаця ўсё ж буду! Як можна пабываць за кулісамі, у творчых майстэрнях тэатра, і не даведацца, над чым зараз працуе калектыў?
Правадніком у сэрца ўстановы быў сам Віктар Клімчук. Калі раптам вам не знаёмае гэта імя, хутчэй за ўсё вы не з нашага горада. Віктар Ігнатавіч мне ўяўляецца хросным бацькам віцебскіх дзяцей — мудрым, добрым і шчырым. Больш за ўсё ён хоча, каб нашы малыя выраслі шчаслівымі годнымі людзьмі. Здаецца, увесь тэатр «Лялька» пра гэта. І ўнёсак кожнага ў такую высакародную справу вельмі важны.
Эскізы да спектакля больш нагадваюць асобныя творы мастацтва. Мастак-канструктар Дзмітрый Гаралевіч заўважыў, што вельмі важна дакладна распісаць асноўныя сцэны, каб былі бачныя і асяродак, і персанажы — так, як гэта будзе выглядаць у жыцці.
Дзмітрый працуе ў тэатры 5 год, у свой час ён скончыў мастацка-графічны факультэт ВДУ імя П. М. Машэрава. Справу сваю ведае і любіць. Калектыў мастака цэніць. Яго працоўнае месца нагадвае сталярную майстэрню, і інструменты адпаведныя. Менавіта ён стварае лялькі, якімі мы захапляемся з глядзельнай залы, часам забываючы на тое, што яны не жывыя.
Дзмітрый Гаралевіч расказаў, што лялькі бываюць розных тыпаў і канструкцый (напрыклад, планшэтныя і марыянеткі). Выбар канструкцыі залежыць ад падачы матэрыялу ў кожным канкрэтным спектаклі. Важна нават тое, дзе і як будуць стаяць акцёры. Ёсць лялькі, якімі іграе адзін чалавек, а ёсць і такія, кіраваць якімі можна ўдвух ці ўтрох. У адных спектаклях артысты выступаюць у чорным нейтральным адзенні, а ў іншых самі становяцца героямі — лялькамі. Акцёр можа адной рукой трымаць ляльку за спецыяльнае прыстасаванне — шток, а другой вымушаць яе хадзіць, скакаць ці пляскаць у далоні. Нават героі для эпізодаў — узор філіграннага майстэрства.
Лялькі нараджаюцца з дрэва, пап’е-машэ, паралону і іншых падручных матэрыялаў. Іх ніколі не купляюць у краме! У запасніках тэатра каля 400 экспанатаў — цягне на рэкорд Гінаса. Для іх захоўвання арандуюць некалькі асобных памяшканняў. А яшчэ Віктар Клімчук адзначыў, што ніколі не бывае, каб адну і тую ж ляльку выкарыстоўвалі ў некалькіх пастаноўках. А ў біяграфіі тэатра тым часам ужо 50 спектакляў.
Калі Дзмітрый Гаралевіч стварае цела лялькі, то больш тонкую работу па яе афармленні робяць бутафоры — Таццяна, Лілія і Кацярына. Усе працуюць у тэатры па 20-25 гадоў. На стале — эскізы мастака. У руках — нажніцы, іголка з ніткай ці пэндзаль. Вопратку для лялек ці цалкам персанажаў бутафоры шыюць рукамі, амаль не выкарыстоўваюць швейную машынку.
Папрасіла дзяўчат падзяліцца рэцэптам пап’е-машэ. Аказалася, асаблівага сакрэту няма: заварваеш ваду і муку, дадаеш клей ПВА — гатова. Ляпі твар будучай лялькі. Праўда, ёсць небяспека, што гэты каштоўны інвентар можа з’есці жучок, які заводзіцца ў паперы. Бутафоры дадаюць у сумесь соль, але і гэта часта не дапамагае.
Апрануць у «Ляльцы» трэба і акцёраў. Гэтым займаецца Ларыса Філімонька. Яна прыйшла ў тэатр у 90-я, калі яго гісторыя толькі пачыналася:
Ларыса расказала, што робіць касцюмы згодна з эскізамі мастака-пастаноўшчыка. На тэхнічным савеце яны разам абмяркоўваюць кожную канкрэтную мадэль — з якой тканіны яе сшыць, як лепш сканструяваць, каб перадаць задумку рэжысёра. І канструюе, і шые, і аздабляе касцюмы для герояў Ларыса Філімонька сама. У яе арсенале ёсць некалькі швейных машын, авярлок, паравая ўстаноўка — як у сапраўдным атэлье. Ёсць і рарытэт — швейныя машыны, якія тэатр купіў у фабрыкі «КІМ» у 90-я гады, калі тая прыйшла ў заняпад. Іх і зараз выкарыстоўваюць, асабліва калі трэба шыць вопратку для сцэны: сучасныя агрэгаты могуць не вытрымаць такой нагрузкі.
Зараз тэатр працуе над двума спектаклямі: дзіцячым — «Дзюймовачка», які плануюць паказаць восенню, і дарослым — «Скажы сваё імя, салдат», прэм’еру якога можна чакаць бліжэй да Новага года.
Наогул, штогод «Лялька» ставіць тры прэм’еры, у тым ліку навагодняе прадстаўленне.
Аўтар: Наталля Чарнічэнка. Фота аўтара.
Нашли опечатку? Выделите фрагмент текста с опечаткой и нажмите Ctrl + Enter. Хотите поделиться тем, что произошло в Витебске? Напишите в наш телеграм-бот. Это анонимно и быстро.