50 спектакляў, 400 лялек. Пабывалі за кулісамі Беларускага тэатра «Лялька»

26 июля 2023 в 06:00
Поделиться
Класснуть
Отправить

У гэты раз я патрапіла ў Беларускі тэатр «Лялька» без квітка і са службовага ўваходу. Не стану згадваць шматлікія Гран-пры і разнастайныя ўзнагароды прэстыжных міжнародных фестываляў, якіх багата ў біяграфіі тэатра. Не буду размаўляць з акцёрамі, распытваць пра творчыя планы мастацкага кіраўніка. Хаця ўсё ж буду! Як можна пабываць за кулісамі, у творчых майстэрнях тэатра, і не даведацца, над чым зараз працуе калектыў?

Правадніком у сэрца ўстановы быў сам Віктар Клімчук. Калі раптам вам не знаёмае гэта імя, хутчэй за ўсё вы не з нашага горада. Віктар Ігнатавіч мне ўяўляецца хросным бацькам віцебскіх дзяцей — мудрым, добрым і шчырым. Больш за ўсё ён хоча, каб нашы малыя выраслі шчаслівымі годнымі людзьмі. Здаецца, увесь тэатр «Лялька» пра гэта. І ўнёсак кожнага ў такую высакародную справу вельмі важны.

Работа над спектаклем пачынаецца з выбару п’есы. Потым мы ўсе разам яе чытаем столькі, колькі спатрэбіцца. Мастак пакрысе занатоўвае ідэі па ўвасабленні пастаноўкі. Усё горача абмяркоўваем. Так з’яўляюцца эскізы персанажаў і асноўных сцэн. Але ж колькі разоў было: здаецца, дамовіліся, а ў мастака справа не ідзе. І ўсё тут! Зноў пачынаем разважаць, накідваць ідэі, пакуль вынік не задаволіць усіх, — дзеліцца сакрэтамі творчай кухні Віктар Клімчук.

Эскізы да спектакля больш нагадваюць асобныя творы мастацтва. Мастак-канструктар Дзмітрый Гаралевіч заўважыў, што вельмі важна дакладна распісаць асноўныя сцэны, каб былі бачныя і асяродак, і персанажы — так, як гэта будзе выглядаць у жыцці.

У працэсе работы над спектаклем многае можа змяніцца, але эскізы даюць прыкладнае ўяўленне пра тое, як будзе запоўнена сцэна. Гэта важна для рэжысёра і акцёраў, — тлумачыць Дзмітрый Гаралевіч.

Дзмітрый працуе ў тэатры 5 год, у свой час ён скончыў мастацка-графічны факультэт ВДУ імя П. М. Машэрава. Справу сваю ведае і любіць. Калектыў мастака цэніць. Яго працоўнае месца нагадвае сталярную майстэрню, і інструменты адпаведныя. Менавіта ён стварае лялькі, якімі мы захапляемся з глядзельнай залы, часам забываючы на тое, што яны не жывыя.

Дзмітрый Гаралевіч расказаў, што лялькі бываюць розных тыпаў і канструкцый (напрыклад, планшэтныя і марыянеткі). Выбар канструкцыі залежыць ад падачы матэрыялу ў кожным канкрэтным спектаклі. Важна нават тое, дзе і як будуць стаяць акцёры. Ёсць лялькі, якімі іграе адзін чалавек, а ёсць і такія, кіраваць якімі можна ўдвух ці ўтрох. У адных спектаклях артысты выступаюць у чорным нейтральным адзенні, а ў іншых самі становяцца героямі — лялькамі. Акцёр можа адной рукой трымаць ляльку за спецыяльнае прыстасаванне — шток, а другой вымушаць яе хадзіць, скакаць ці пляскаць у далоні. Нават героі для эпізодаў — узор філіграннага майстэрства.

Лялькі нараджаюцца з дрэва, пап’е-машэ, паралону і іншых падручных матэрыялаў. Іх ніколі не купляюць у краме! У запасніках тэатра каля 400 экспанатаў — цягне на рэкорд Гінаса. Для іх захоўвання арандуюць некалькі асобных памяшканняў. А яшчэ Віктар Клімчук адзначыў, што ніколі не бывае, каб адну і тую ж ляльку выкарыстоўвалі ў некалькіх пастаноўках. А ў біяграфіі тэатра тым часам ужо 50 спектакляў.

Калі Дзмітрый Гаралевіч стварае цела лялькі, то больш тонкую работу па яе афармленні робяць бутафоры — Таццяна, Лілія і Кацярына. Усе працуюць у тэатры па 20-25 гадоў. На стале — эскізы мастака. У руках — нажніцы, іголка з ніткай ці пэндзаль. Вопратку для лялек ці цалкам персанажаў бутафоры шыюць рукамі, амаль не выкарыстоўваюць швейную машынку.

Папрасіла дзяўчат падзяліцца рэцэптам пап’е-машэ. Аказалася, асаблівага сакрэту няма: заварваеш ваду і муку, дадаеш клей ПВА — гатова. Ляпі твар будучай лялькі. Праўда, ёсць небяспека, што гэты каштоўны інвентар можа з’есці жучок, які заводзіцца ў паперы. Бутафоры дадаюць у сумесь соль, але і гэта часта не дапамагае.

Апрануць у «Ляльцы» трэба і акцёраў. Гэтым займаецца Ларыса Філімонька. Яна прыйшла ў тэатр у 90-я, калі яго гісторыя толькі пачыналася:

Я працавала ў індустрыяльна-педагагічным каледжы, і мяне запрасілі на пастаноўку спектакля «Папялушка», прапанавалі аформіць касцюмы. Гэта быў надзвычай цікавы досвед. Я некаторы час супрацоўнічала з «Лялькай». А з 2015-га працую тут мастаком-мадэльерам тэатральнага касцюма.

Ларыса расказала, што робіць касцюмы згодна з эскізамі мастака-пастаноўшчыка. На тэхнічным савеце яны разам абмяркоўваюць кожную канкрэтную мадэль — з якой тканіны яе сшыць, як лепш сканструяваць, каб перадаць задумку рэжысёра. І канструюе, і шые, і аздабляе касцюмы для герояў Ларыса Філімонька сама. У яе арсенале ёсць некалькі швейных машын, авярлок, паравая ўстаноўка — як у сапраўдным атэлье. Ёсць і рарытэт — швейныя машыны, якія тэатр купіў у фабрыкі «КІМ» у 90-я гады, калі тая прыйшла ў заняпад. Іх і зараз выкарыстоўваюць, асабліва калі трэба шыць вопратку для сцэны: сучасныя агрэгаты могуць не вытрымаць такой нагрузкі.

Зараз тэатр працуе над двума спектаклямі: дзіцячым — «Дзюймовачка», які плануюць паказаць восенню, і дарослым — «Скажы сваё імя, салдат», прэм’еру якога можна чакаць бліжэй да Новага года.

Наогул, штогод «Лялька» ставіць тры прэм’еры, у тым ліку навагодняе прадстаўленне.

Аўтар: Наталля Чарнічэнка. Фота аўтара.

Нашли опечатку? Выделите фрагмент текста с опечаткой и нажмите Ctrl + Enter.

5 комментариев
macArdRi
26 июля 2023 в 08:38
Хорошо было бы если б они музей кукол сделали.
Ганка Бер
26 июля 2023 в 10:23 ответ macArdRi
macArdRi, Сапраўды, бо ў вестыбюлі тэатра лялькі прывабліваюць малых і дарослых ) Кожны раз з асалодай сустракаемся з імі! На музей патрэбны апантаны гэтай ідэяй чалавек і сродкі , адназначна, не малыя. Ці есць яны ў бюджэце, пытанне...
Галина Бобкина
26 июля 2023 в 08:58
Повезло нам иметь в городе такой славный театр. Огромное спасибо за материал!
Ганка Бер
26 июля 2023 в 10:29
З задавальненнем наведваю тэатр, а з некаторага часу і з унучкамі. Кожны раз дзякую супрацоўнікаў за іх творчую працу! І сёння яшчэ раз выказваю свае падзякі і пажаданне натхнення і шчасця асабіста ім і доўгіх гадоў "Ляльцы"!
Мадам Кукуева
19 апреля 2024 в 17:47
Автору огромное за такую статью.