«Паміж людзей і я штурхаўся». Рэпартаж з Дня беларускага пісьменства ў Гарадку. Дзень першы

3 сентября 2023 в 06:00
Поделиться
Класснуть
Отправить

Сёлета свята адзначаюць у 30-ы раз. Толькі сталіцы мяняюцца. Галоўнае, каб горад даў прапіску выбітным асобам, што зрабілі істотны ўнёсак у развіццё нацыянальных традыцый і друкаванага слова. Мір, Нясвіж, Паставы, Орша, Тураў і многія іншыя гарады ў розныя гады прымалі культурны фэст.

Гарадок таксама абраны не выпадкова. Апроч іншага, тут нарадзіўся Канстанцін Вераніцын — аўтар паэмы «Тарас на Парнасе». У гонар пісьменніка назвалі сквер, у якім устанавілі помнік галоўнаму герою твора — палясоўшчыку Тарасу. Гэта лакацыя стала адной з асноўных пад час народных гулянняў. Тут зладзілі добраўпарадкаванне, устанавілі новыя арт-аб’екты. Але пра ўсё па парадку.

Каб напоўніцу адчуць атмасферу свята, мы адправіліся ў Гарадок на брэндзіраваным цягніку. На вагонах — партрэты беларускіх пісьменнікаў і цытаты з іх твораў. Ад станцыі да цэнтра можна было даехаць на гарадскім аўтобусе за 80 капеек. Каля 10 гадзін раніцы людзей на прызначаным месцы гулянняў было ўжо шмат.

Першым раскінуў палаткі ўніверсальны кірмаш. Такі ёсць на любым нашым свяце. Тут можна набыць усё: ад футра да халвы. Пакуль жанчыны прымяралі абновы ды каштавалі заморскую рыбу, дзеткі цягнулі іх у парк атракцыёнаў, што грымеў непадалёку. Там таксама ўсё без нечаканасцяў: салодкая вата, папкорн, вараная кукуруза (па 3 рублі, а не па 5, як у Віцебску).

Печыва, шашлыкі, дранікі і іншыя прысмакі прапаноўвалі літаральна на кожным кроку. Частавалі гасцей як гандлёвыя прадпрыемствы, так і ўстановы культуры. А браслаўскія прадавалі вэнджанага ляшча кілаграма на паўтара за 30 рублёў, ды сушаных плотак па рублю — усё размялі імгненна.

Але ж мы ў Гарадок ехалі найперш за ежай духоўнай. І за гэтым таксама далёка хадзіць не трэба было. Вось майстар дэманструе адмысловую ткацкую тэхніку, тут паэт дэкламуе вершы, здалёк чуваць, як моладзь спявае «Хату бацькоў» (самая папулярная песня на свяце). Школьныя музеі з усёй рэспублікі прыехалі ў Гарадок, каб узнавіць атмасферу беларускага кірмашу стогадовай даўніны. Выставы карцін, адмысловых сувеніраў, народных касцюмаў, а таксама танцы, песні, касцюміраваныя прадстаўленні — усяго было на фестывалі народнай творчасці, паэзіі і фальклору «Гарадоцкі парнас».

З сучаснымі дасягненнямі друкаванага слова можна было пазнаёміцца на фестывалі кнігі і прэсы. Там прапаноўвалі купіць кнігу ці паштоўку, пазнаёміцца з творчасцю сучасных беларускіх аўтараў, проста пагартаць новыя выданні ці нават узяць аўтограф у пісьменніка.

Там жа можна было падзівіцца на друкарскія станкі розных відаў, паспрабаваць самім ствараць паперу, пісаць чарніламі. Для тых, хто любіць эксклюзіў, — чай «Бацькаўшчына». Упрыгожыў плошчу Савецкую, дзе ўсё гэта адбывалася, узмацніў ідэю свята мурал Глеба Каштанава.

На кожнай пляцоўцы прапаноўвалі нешта цікавае для дзяцей і дарослых: ад майстар-класаў і квестаў, да спартыўных спаборніцтваў.

Вечарам на галоўнай сцэне ўзнагародзілі пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

А сёння ўсё працягнецца зноў. На ўсялякі выпадак: квіток на цягнік каштуе 1 рубель 44 капейкі.

Аўтар: Наталля Чарнічэнка. Фота аўтара.

Нашли опечатку? Выделите фрагмент текста с опечаткой и нажмите Ctrl + Enter. Хотите поделиться тем, что произошло в Витебске? Напишите в наш телеграм-бот. Это анонимно и быстро.

4 комментария
Dzianis
3 сентября 2023 в 11:19

Нам очень понравилось!

Галина Бобкина
3 сентября 2023 в 20:53
И мы прокатились туда.

И вы знаете, оказывается, в Городке тоже есть синий дом, а еноты очень любят охлаждаться в рамке по-витебски)

Мама Стифлера
3 сентября 2023 в 22:37
Несколько раз была в Городке и мне очень жаль, что в этот раз не получилось съездить на праздник. Судя по фото, я бы кое-чего попробовала б)
Мама Стифлера
3 сентября 2023 в 22:37
Несколько раз была в Городке и мне очень жаль, что в этот раз не получилось съездить на праздник. Судя по фото, я бы кое-чего попробовала б)