Добры дзень, шаноўнае спадарства! Спадзяюся, вы ўспамінаеце матчыну мову не толькі на свята роднага слова. А так як сёння ёсць нагода, прапаную вам невялікі спіс фільмаў на беларускай мове, якія вы можаце паглядзець у вольны час.
Калі быць шчырым, знайсці арыгінальныя фільмы ў агульным доступе было не так проста. Паглядзець беларускамоўныя класічныя стужкі ёсць магчымасць амаль што толькі па тэлеканалу Беларусь 24. Але добрая вестка: сучасныя аматары мовы ствараюць уласны кантэнт, перакладаючы сусветнавядомыя стужкі на нашу мову. Паглядзець іх можна абсалютна бясплатна. Падборка з сайтамі тут.
Сёння ж мы пагаворым пра арыгінальныя фільмы, мультфільмы і спектаклі на беларускай мове.
Ідзі і глядзі (1985)
Гэты фільм я раю паглядзець КОЖ-НА-МУ. Чулі пра яго таксама амаль усе. Цяжка, страшна, жорстка пра вайну. Трэба маральна падрыхтавацца да прагляду, бо дзве гадзіны вы будзеце назіраць за тым, як звычайны хлопчык ператвараецца ў сівога старога. Фільм зняты па аповесці Алеся Адамовіча «Хатынь» і мемуарах «Я з вогненнай вёскі».
Цераз могілкі (1964)
Класічны чорна-белы фільм, які ў 1995 годзе ўвайшоў у спіс 100 лепшых фільмаў ЮНЭСКА, прысвечаных вайне. Паэтычна і сімвалічна, ёсць шмат дробных цікавых дэталяў. У цэнтры — 16-гадовы хлопчык, якому даручаюць адважнае заданне. Выйшла стужка ў гады «адлігі». У ім няма адназначных персанажаў і падзелу на «чорнае» і «белае», таму пасля прагляду з вамі застанецца пачуццё дваякасці.
Хрыстос прызямліўся ў Гародні (1989)
Экранізацыя аднаіменнага рамана Уладзіміра Караткевіча. Фільм быў зняты ў 1967 годзе, але з-за цэнзуры на экранах з’явіўся толькі ў 1989 годзе. Сюжэт знаёмы яшчэ са школы: «У даўнія часы голаду і татарскіх набегаў акцёр Юрась Братчык з'яўляецца перад народам у абліччы Хрыста, а народ верыць у цуд, што хітры манах Басяцкі вырашае выкарыстаць па-свойму. Арыштаванага на загад кардынала Юрася і яго сяброў-„апосталаў“, загрымаваўшы і апрануўшы ў адпаведныя адзенні, выводзяць да народа. І пачынаецца куламеса».
Возера радасці (2019)
Кароткаметражка (25 хвілін) расказвае пра 10-гадовую вясковую дзяўчынку, якая страціла маці. Уласны бацька адпраўляе яе ў інтэрнат. Але яна не згодна прымірацца з лёсам і адпраўляецца ў шлях дадому, да «возера радасці». Фільм быў удастоены ўзнагарод, у тым ліку званне «Лепшай актрысы» атрымала дэбютантка і выканаўца галоўнай ролі.
Свежына з салютам (2001)
Нарэшце, беларуская калядная камедыя. А то калі паглядзець на спіс, ёсць адчуванне, што беларускі кінематограф любіць толькі сур’ёзныя фільмы. Добрая і лёгкая гісторыя абавязкова застанецца ў вашым сэрцы. Гісторыя аб тым, колькі весялосці і блытаніны могуць прынесці ў звычайнае жыццё вашы родзічы.
Прыгоды Несцеркі (2013)
Мультсерыял уключае ў сябе 8 гісторый пра дзядьку, сабаку і ката, якія трапляюць у цікавыя сітуацыі. Несцерка — гэта ўвасабленне беларускага народнага героя. Ён і са збаноў музычны інстумент зробіць, і цмока пераможа, і на Ліха ўправу знойдзе.
Увогуле, сучасная мульціплікацыя «Беларусфільма» варта ўвагі. «Магістр вольных мастацтваў», «Паданне пра гуслі», «Вясна ўвосень» — мультфільмы на беларускай мове, якія можна паглядзець усёй сям’ёй.
Марыля ў пошуках дзіўнікаў (2023)
Пазнаёміць дзяцей з беларускай міфалогіяй могуць не толькі бонсцікі, але і анімацыйны серыял ад відэасэрвіса VOKA. Галоўная супермагчымаць Марылі — яе фантазія і жаданне вандровак. Разам з сябрам Алесем яны знаёмяцца з фантэзійнымі персанажамі, якія і з’яўляюцца прататыпамі герояў беларускай міфалогіі.
З тэлеспектакляў магу параіць усім вядомыя са школьных парт творы. Калі вы не маеце часу дабрацца да тэатра, паглядзіце анлайн-версіі спектакляў «Паўлінка» Янкі Купалы, «Трыбунал», «Таблетка пад язык» Андрэя Макаёнка і «Хто смяецца апошнім» Кандрата Крапівы.
Беларуская мова бліжэй, чым вам здаецца. А сумясціць прыемнае з карысным вы можаце заўсёды :)
Нашли опечатку? Выделите фрагмент текста с опечаткой и нажмите Ctrl + Enter. Хотите поделиться тем, что произошло в Витебске? Напишите в наш телеграм-бот. Это анонимно и быстро.