«Мы імкнёмся быць такімі, якія ёсць». У Віцебску з'явіўся новы музычны дуэт, што спявае ўласныя песні

9 июля 2024 в 14:00
Поделиться
Класснуть
Отправить

Ён вырас на ДСК, яна — на Герцана. Ён скончыў «тэхналожку», яна вучылася на філфаку ВДУ. Ён з 14 гадоў іграе на гітары, у яе за плячыма тры гады музычнай школы па класу флейты. Гэта індзі-гурт з Віцебска «Дабранач» — Вольга Ханіс і Віталь Нядбальскі. У трэк-лісце дуэта — тры ўласныя песні, на падыходзе яшчэ адна, а таксама выступленні на кватэрніках, вулічных мерапрыемствах і розных імпрэзах.

З якім бэкграундам вы абодва прыйшлі ў творчасць?

Вольга: «Я ўсё жыццё — з мікрафонам. У ВДУ працавала ў медыяцэнтры, затым у аддзеле сцэнічнай творчасці. Умею арганізаваць і правесці любы канцэрт, ведаю, як займацца прасоўваннем у сацсетках. Гэтым займаюся і зараз у ІТ-кампаніі, таксама дапамагаю развівацца блогам».

Віталь: «Я самазаняты. Рамеснік. Іду да сваёй мары — рабіць домікі для коцікаў ды сабачак. На мяжы паміж школай і ўніверсітэтам у мяне быў свой гурт «Нечётный ряд». Мы нават канцэрты ладзілі ў Віцебску. Потым калектыў распаўся, і я на нейкі час закінуў музыку».

Першы пост у вашым акаўнце ў Інстаграме выйшаў у жніўні мінулага года. Гэта і быў пачатак?

Віталь: «Гэта быў выхад у свет».

Вольга: «Нешта спрабаваць мы пачалі ўжо ў маі мінулага года, але ўшчыльную ўзяліся за творчасць месяцы тры таму. Да гэтага часта спявалі ў кампаніях, рыхтавалі музычныя падарункі для сяброў, пісалі песні і перараблялі сусветныя хіты. Віталік заўжды з гітарай, ад нас чакалі чагосьці такога. Мы пелі разам, было адчуванне, што атрымліваецца нядрэнна».

Віталь: «Гэта ўсё, што засталося ад музыкі ў маім жыцці, таму што часу на творчасць зусім не ставала».

Вольга: «Я перыядычна стала закідваць думку: давай сваю песню напішам».

Віталь: «І я адказаў: давай».

У той момант яшчэ не было думкі назвацца бэндам і стаць папулярнымі?

Вольга: «Што вы, нічога такога. Проста думалі: класна, каб была свая песня. Ні пра якія заробкі пытанне таксама не стаяла і не стаіць. Я не ведаю, як гэта прагучыць, але ў мяне пакуль няма веры ў тое, што музыкай зараз можна зарабіць грошай. Пакуль што гэта хобі, якое іх толькі забірае. Яно дзеля асалоды, уласнага задавальнення, развіцця. Гэта тое, што прыносіць радасць».

Але ж у вашых пастах я прачытала і пра стадыёны, і пра выступленне з сімфанічным аркестрам.

Вольга: «Мы з гумарам. І ў жыцці, і ў сацсетках. Магчыма, гэта маскіроўка нейкай збянтэжанасці ад таго, што трэба праяўляцца. Мы ніколі на сто працэнтаў не ўпэўненыя ў тым, што робім, заўжды сумняваемся. Таму і раскачваліся доўга. А аднойчы ўзялі за правіла: нешта зрабілі — адразу паказваем. Прыдумалі, запісалі, вылажылі».

Віталь: «Я праз гэта ўжо праходзіў. Калі пачынаеш вылізваць да ідэала, матэрыял пераўтвараецца ў пластмасу. Хачу заўважыць, што Волечка ўсё жыццё спявае. Я ёй шмат разоў казаў, што ў яе добра атрымліваецца. Але мне яна чамусьці не верыць, а вось калі нехта дрэнны каментар у сацсетках напіша, наадварот, адразу бярэ на веру».

Я не спецыяліст, але вашы песні гучаць здорава, чапляюць.

Віталь: «Я рокер у мінулым. А мозг тэхнара заўжды прымушае ўлезці ўглыб і ва ўсім разабрацца самому. Гэта тычыцца і музыкі. Я і на гітары сам навучыўся іграць, у праграмах разабраўся, тонкасці гуказапісу спасціг і гэтак далей. Магчыма, гэта прагучыць не вельмі сціпла, але я кумекаю ў музыцы. Яшчэ б часу паболей».

Хто з вас піша тэксты, а хто — музыку?

Віталь: «Разам. Раздзялення абавязкаў тут няма. Вольга ходзіць, напявае нейкі матыў, я магу на гітары нешта падабраць. Мелодыі сумесна пішам, а тэкстаў больш Воліных. Я не ведаю, як гэта патлумачыць, жартую, што ў мяне ёсць чуйка на хіты. Нейкае падсвядомае разуменне, як павінна гучаць мелодыя, які матыў хітовы, а які не».

Вольга: «Для нас самае важнае, каб тое, што мы робім, падабалася ў першую чаргу нам. Так, ёсць музыканты, нацэленыя на масавага спажыўца. Яны стараюцца быць моднымі, трапляць у трэнды. Напрыклад, быў пік на Маргенштэрна з яго бітамі, і ўсе сталі рабіць так. Затым стаў папулярны жаночы рэп, і дзяўчаты падаліся туды. Вядома, мы сочым за музыкай, шмат дома пастаянна штосьці гучыць. Але для нас усё роўна важна, каб самім падабалася».

Чаму выбралі жанр «індзі»?

Вольга: «Індзі — значыць, незалежны, той, што не ўпісваецца ні ў якія жанры, не ў мэйнстрыме. Для мяне гэта нешта вельмі меладычнае, ужо не папса, але яшчэ не рок».

Віталь: «Не хацелася называцца бардамі, кантры, хоць гэта і на слыху».

Вольга: «Нас вельмі натхніў ісландскі гурт Of Monsters and Men. Ён не вельмі папулярны ў нашай краіне, але прыхільнікам жанру трапляе ў самае сэрцайка. Я ў прынцыпе Ісландыяй захапляюся. Краіна памерам з наш горад дала свету столькі таленавітых людзей! Вось мы і вырашылі паспрабаваць менавіта такі фармат. Увесь наш рэсурс — вакал ды гітара. Мы не ведалі, як далей развівацца, якімі інструментамі абрастаць. Але Віталь заўжды казаў: калі песня добра гучыць пад гітару ў акустыцы, значыць, яна будзе добра гучаць і у аранжыроўцы. Таму мы вырашылі рабіць тое, што можам самі, а там будзе бачна.

Нашы песні пішуцца пад гітару, а ўжо далей абрастаюць аранжыроўкай. Першыя мы спрабавалі напісаць самі, але калі на 15 секунд аранжыроўкі патрацілі 15 гадзін, зразумелі, што трэба дэлегіраваць прафесіяналам. Так у калектыве з’явіўся Аляксандр Грышкевіч. Яму спадабаўся наш жанр, галасы. Мы пачалі супрацоўнічаць. Запісваемся ў Віцебску ў студыі Вольгі Пронінай, акустычную версію адпраўляем Аляксандру разам са сваім бачаннем канчатковага выніку. Усё атрымліваецца заўжды выдатна».

Магу ўявіць, што ня танна.

Вольга: «Так, на стварэнне адной песні патрэбна рублёў 800. І гэта пры тым, што ў студыі гуказапісу вельмі дэмакратычныя цэны, і шмат чаго мы ўмеем рабіць самі, яшчэ сябры дапамагаюць».

Зараз у вашым плэй-лісце тры песні, і ўсе на беларускай мове.

Вольга: «Так, тры песні запісаных. Чацвёртая рыхтуецца, праўда, яна будзе на англійскай. Як атрымалася, што мы спяваем па-беларуску? Першую песню пісалі па-руску, тэкст не складваўся. Здаецца, вызначыліся з фарматам, знайшлі нейкія рэферансы, але не атрымлівалася. Віталік скідваў мне першыя радкі пачытаць — усё не тое. Тады я падумала: магчыма, на беларускай будзе лепш гучаць? І ўсё атрымалася. Нездарма ж нашу мову называюць мілагучнай. Песня загучала. Мы сталі вывучаць мову, шукаць цікавыя выразы, фразеалагізмы. У адной з песень ёсць выраз — „лье вонкі“. Я вычытала яго ў адным беларускім вершы. Па-руску гэта — „плачет навзрыд, страдает, изливаецца“. Лье вонкі — прыгожа. А наогул, пры напісанні песень галоўнае — натхненне. Хутка выйдзе яшчэ адна, я ў душы яе напісала».

Пра што вашы песні?

Вольга: «Мы пішам пра сябе, пра тое, што нам блізка, дорага, што хвалюе. Гэта наш спосаб выказацца. Чаму „Дзякуй і прабач“ так адгукаецца людзям? Многія думаюць, што мы просім прабачэння адзін у аднаго, але на самой справе гэта песня звернута да мінулага кожнага з нас. Я і ў пастах пісала, што гэта публічная споведзь. Мне было важна гэта сказаць. Гэта можа паказацца дзіўным, хтосьці ўбачыць у такім маркецінгавы ход, але сапраўднасць, шчырасць — наш канёк. Мы імкнёмся быць такімі, якія ёсць. Мы не прыдумалі, не стварылі сабе вось гэтую душэўную прастату, мы сапраўды такія».

Віцебск называюць культурнай сталіцай, але ў плане музыкі, гэта хутчэй горад кавер-бэндаў. Рэдка хто замахваецца на аўтарскі матэрыял.

Віталь: «Магчыма таму, што ёсць асцярога, што публіцы не спадабаецца песня ці жанр, а хіт ды яшчэ ў выкананні таленавітых музыкаў — абавязкова».

Вольга: «У многіх кавер-бэндаў вельмі моцныя вакалісты. Яны могуць любую ноту ўзяць, але спяваючы песні іншых выканаўцаў. Мы спяваем сваё, але ў межах уласных вакальных магчымасцяў. Зразумела, што я не змагу выканаць песню Уітні Х’юстан. Але і ў межах сваіх магчымасцяў у нас ёсць дзе разгуляцца. Памятаю рэакцыю на першы пост у Інстаграме пра нас як калектыў. Многія тады напісалі: крута, што не новы кавер-бэнд, а нешта новае. Абяцалі слухаць. Шкада, што ў Віцебску, лічы, няма дзе выступаць. Хіба толькі ў барах, але гэта не зусім наш фармат. Але ж нас ужо запрашаюць. Хутка выступім у музеі Якуба Коласа ў Мінску, возьмем удзел у „Славянскім базары“ (у фэсце „На семи ветрах“). Мы ўжо спявалі на карпаратыўных кватэрніках.

Мінская студыя прапанавала ў іх запісацца на бартарнай аснове. У Батанічны сад на Купалле запрашалі, але мы у гэты дзень у Віцебску выступалі. На квізы музычныя завуць. Усё дзякуючы сацсеткам. Розныя цікавыя прапановы перыядычна прыходзяць. І ўсё гэта літаральна за апошнія тры месяцы. Я раблю адлік з красавіка, калі выйшаў першы рэліз, і я завяла Цік-ток».

Якім вы бачыце самае лепшае развіццё падзей для свайго дуэта?

Вольга: «Зараз мы проста імкнёмся атрымліваць задавальненне ад працэсу. Як творчыя людзі мы разумеем, што вынік, безумоўна, важны, але самы кайф — у працэсе. Вядома, хочацца прыцягнуць аўдыторыю на стрымінгавыя пляцоўкі. Онлайн адкрывае бязмежныя магчымасці для кожнага. Ужо не прынцыпова, у якім ты горадзе знаходзішся. Нашы песні ёсць на папулярных стрымінгавых пляцоўках — Яндэкс Музыка, VK музыка, Spotify. Пакрысе растуць і праслухоўванні. Праца ў сацсетках, развіццё блога — спадарожныя інструменты. Мэта адна — людзі павіны прыйсці і паслухаць песню. Калі завялі Цік-ток, зразумелі, што на першых парах на ўласнай музыцы на гэтай пляцоўцы раскруціцца не атрымаецца. Сталі перапяваць вядомыя хіты па-беларуску. Добрую аўдыторыю нам прывяла песня пераможцаў Еўрабачання. І наогул, атрымалі моцную аддачу ў выглядзе слоў падтрымкі ў каментарыях. Але ж і без хейту не абышлося».

Віталь: «Я гэта нармальна пераношу, а Волечка засмучаецца».

Вольга: «Я ўжо навучылася нармальна прымаць крытыку, калі яна канструктыўная. Была гатова, што напішуць, маўляў, песні абы што, і слухаць іх немагчыма. Але я зусім не чакала, што ў каментатараў узнікнуць пытанні, напрыклад, пра знешнасць. Шмат спрэчак пра мову, дзіўных параўнанняў. Я разумею, што гэта пра праблемы тых людзей, але эмацыйна вельмі складана не далучыцца да гэтага. Аднойчы мінскія блогеры на стрыме проста разнеслі ў пух і пер’е нашу песню. Пры гэтым нават не паслухалі яе. Гэта чапляе: мы ўклалі ў песню ўсё, што было ўнутры нас. А яны вось так. У моманце рукі апускаюцца. Але ж колькі падтрымкі мы атрымліваем. Ад незнаёмых людзей. Яны пішуць і пра мурашкі, і пра тое, што плакалі, калі слухалі песні. Адна жанчына з-пад Гродна нават запрашала ў свой горад і абяцала арганізаваць выступленне».

Над вобразамі самі працуеце?

Вольга: «Са стылістам. Нам вельмі пашанцавала. У нас неверагодныя сябры. Усе творчыя людзі. І мы карыстаемся імі. Хутка выйдзе кліп на „Дзякуй і прабач“. Сябры ва ўсім дапамагалі, у тым ліку і са стылем. У нас першапачаткова да сябе завышаныя патрабаванні: калі рабіць, то якасна. А д’ябал, вядома, у дэталях. Таму колькі магчыма сіл укладваць, столькі і будзем укладваць».

Віталь: «Я проста апранаю тое, што сказалі. Збоку здаецца, усё проста, але ж за гэтым такая падрыхтоўка, нервы і слёзы. Мае. Мы заўжды просім дапамогі, людзі не адмаўляюцца, бо для іх таксама цікава дакрануцца да творчасці, быць суудзельнікамі».

Намалюйце партрэт свайго слухача.

Вольга: «Можна проста пагдлядзецца ў люстэрка. У той жа час падключаецца і аўдыторыя ўзросту нашых бацькоў, і гэта вельмі прыемна. Такой мэты мы сабе не ставілі».

Які топ рэакцый на вашу творчасць?

Віталь: «Адна сяброўка расплакалася прама на кухні, калі першы раз пачула нашу песню. Зачапіць струны душы — самы круты вынік. Значыць, усё гэта не дарэмна. Чалавек бачыць сябе ў песні, яму адгукаецца. Многія сябры і знаёмыя, калі атрымлівалі нашыя рэлізы ці дэмкі, пісалі, што ўвесь дзень ходзяць і напяваюць. Скідваюць фота, калі ў машыне Яндэкс Музыка падкідвае песню ў рэкамендацыі. Аднойчы сяброўка нас падвозіла, мы толькі селі ў машыну, і заіграла наша песня. Гэта вельмі прыемна».

Чаму «Дабранач»?

Віталь: «Калі мы пачыналі пісаць песні, але яшчэ не былі парай, у перапісцы на развітанне жадалі адно аднаму дабранач. Мы стараліся пісаць па-беларуску. Потым Волечка прапанавала так назваць наш гурт. Я згадзіўся. Зноў жа, скандзіруецца добра: да-бра-нач! Гэта на выпадак выступлення ў Мінск-Арэне».

Плануеце развівацца ў Віцебску, ці ёсць думкі з’язджаць?

Віталь: «Мы вельмі любім свой горад. Ведаеце, развівацца ў іншым горадзе, гэта як рабіць рамонт, але не дома. Мы хочам рабіць рамонт дома. Наш дом — Віцебск».

×××

Пакуль рыхтаваўся матэрыял, індзі-гурт Dabranač выступіў на Купала-фэсце ў Віцебску, дзе заняў III месца. А яшчэ Вольга і Віталь саромеліся прыходзіць на інтэрв'ю, маўляў, не дараслі яшчэ, каб пра іх пісалі, дасягненняў малавата. Толькі ці шмат сярод нас такіх, хто пойдзе і здзейсніць мару, возьме, і будзе жыць, як хоча?

Размаўляла Наталля Чарнічэнка

Нашли опечатку? Выделите фрагмент текста с опечаткой и нажмите Ctrl + Enter. Хотите поделиться тем, что произошло в Витебске? Напишите в наш телеграм-бот. Это анонимно и быстро.

17 комментариев
Aleksei81
9 июля 2024 в 14:04
Выдатна, Наталля! Добры сюжэт i добрыя суразмоўца!)
Charnichka
9 июля 2024 в 19:47 ответ Aleksei81
Aleksei81, дзякуй, прыемна. Суразмоўцы сапраўды выдатныя!
Господин Оформитель
9 июля 2024 в 14:20
Какая милая девушка )
Послушал пару песен в ВК. Песни приятные. Надо бы голос парня перезаписать. Очень резкие средние частоты, близко к искажению (
grandmaus
9 июля 2024 в 14:29 ответ Господин Оформитель
Господин, моя коллега)
Господин Оформитель
9 июля 2024 в 15:04 ответ grandmaus
grandmaus, в приятном коллективе работаете )
Туман Откусывающий
9 июля 2024 в 18:02 ответ grandmaus
Так это вы Виталь и с Ольгой выступаете?)
grandmaus
9 июля 2024 в 19:47 ответ Туман Откусывающий
Туман, не, я не Виталь
Я ж вроде чёрным по белому написал, что коллега
Туман Откусывающий
9 июля 2024 в 20:37 ответ grandmaus
Так и в муз. коллективах тоже ведь коллеги, поэтому и спросил)
Галина Бобкина
9 июля 2024 в 15:26
Прелестный дуэт! И название очень хорошее! Молодцы ребята!
Туман Откусывающий
9 июля 2024 в 15:48
Не успеваю прочитать полностью всё интервью, потому что надо уходить по делам, но очень хотелось поддержать ребят и сказать не давать своим сомнениям отказываться от идей и планов (самокритика полезна, но в умеренном количестве), а также пожелать удачи, работать с приятными людьми, получать удовольствие от творческого процесса, вызывать и получать эмоциональные отклики слушателей.
Чушпан Мексиканский
9 июля 2024 в 16:53
боже, как же тяжело и нелепо читать бел мову в 2К24. ребятам удачи, но после ##### Витебск ничего не может предложить широкой сцене, а вдруг у вас получится!)) хотя для этого нужно читать рэпчик под автотюном) вечерком заценю пару песен
Данила Багров
9 июля 2024 в 19:27 ответ Чушпан Мексиканский
Чушпан, 5diez это тема, конечно. Но сейчас не тот слушатель, массы не поймут. А вот такое имеет больше шансов на успех. Или "Балкон ожиданий" тоже наши ребята, очень талантливые.
Кат Ива
10 июля 2024 в 16:35 ответ Чушпан Мексиканский
Чушпан, «нелепо читать бел мову» (с) Трымайцеся курсам на ўсход!Там вашы суайчыннікі вас падтрымаюць.
Чушпан Мексиканский
10 июля 2024 в 17:00 ответ Кат Ива
Кат, просто поверь....твои праправнуки не будут "размаулять на гэтым...."
Туман Откусывающий
9 июля 2024 в 18:00
Теперь прочитал полностью - хорошее интервью, спасибо. Понравилась фраза про то, что развиваться в другом городе - это как делать ремонт не у себя дома, а хочется там, и домом Ольга и Виталий считают Витебск (хотя мне совсем не близко выражение "Где родился - там и пригодился"). Ещё раз удачи.
Валерия Фризен
10 июля 2024 в 09:17
Тая дзяўчына, што вельмі любіла панд).
Поспехаў!
Ураган Андрюша
10 июля 2024 в 20:43
А я белорусского не знаю