Саня, Ваня, з імі Рымас

Мероприятие уже прошло
Поделиться
Отправить
Класснуть

На камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбудзецца прэм’ера жыццёвай меладрамы «Саня, Ваня, з імі Рымас» па п’есе вядомага расійскага драматурга Уладзіміра Гуркіна.

Лёсы трох сясцёр з далёкай уральскай вёскі пераплеценыя паміж сабой. Яна разам працуюць, выхоўваюць дзяцей, жартуюць і спяваюць бяседныя песні... Спадзяюцца, што навала Вялікай Айчыннай вайны не кране іх... Бяда прыходзіць нечакана, калі на Івана, мужа Аляксандры, і на Пятра, мужа Соф’і, піша данос разбэшчаны старшыня калгаса. Папярэджвае пра гэта мясцовы міліцыянер Рымас Паціс. Кармільцам толькі адна дарога – на фронт дабравольцамі, каб там бараніць сваіх каханых і родных. У тыле застаецца Міхаіл, муж Ганны, – аднаногі інвалід, які працуе на канюшні.

Вайна мінае... Пад Сталінградам загінуў Пётр, ад гора памерла яго Соф’я... Аляксандра не дачакалася Івана, і збіраецца звязаць свой лёс з Рымасам, які дапамагаў сям’і выжыць у галодныя ваенныя гады. Але Іван усё ж такі вяртаецца...

У спектаклі пастаянна чуецца трывожнае водгулле вайны, адзінага адмоўнага персанажа п’есы. Але пад ціскам жыццёвых выпрабаванняў героі не сталі злоснымі, помслівымі – яны захавалі ў сабе чалавечую годнасць, міласэрнасць, дабрыню. Яны застаюцца напоўненымі любоўю адно да аднаго.

П’еса «Саня, Ваня, з імі Рымас», напісаная ў 2005 годзе, разам з вядомымі драматургічнымі творамі «Прыбайкальская кардрыль» і «Любоў і галубы» ўваходзіць у склад трылогіі так званых «вясковых гісторый».

Рэжысёр-пастаноўшчык – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў. Сцэнаграфія і касцюмы Святланы Макаранка. Музычнае афармленне Аляксандра Крыштафовіча. Пераклад п’есы на беларускую мову Пятра Ламана. Памочнік рэжысёра Кацярына Мураўёва.

У спектаклі занятыя: Наталля Аладка / Вольга Куляшова (Ганна), Анжаліка Баркоўская / Ніна Обухава (Соф’я), Святлана Сухадолава / Вікторыя Шамардзіна (Аляксандра), Раман Волат / Цімур Жусупаў (Іван Краснашчокаў, муж Аляксандры), Уладзіслаў Жураўлёў (Пётр Рудакоў, муж Соф’і), Дар’я Французава / Алёна Чыстабаева (Жэня, дачка Соф’і), Вадзім Асвяцінскі / Дзмітрый Каваленка / Пятро Ламан (Рымас Альбертавіч Паціс).

Узроставае абмежаванне – 16+.