15 сакавіка ў 16:00 у філіяле Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва — выставачнай зале на Белабародова, 5 — адкрываецца выстава V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў «ДЭКАРТ—22. Выбранае». У экспазіцыі будуць прадстаўлены сучасны мастацкі тэкстыль, кераміка, шкло, батык, метал.
Для Беларускага саюза мастакоў стала ўжо традыцыйным раз на тры гады праводзіць буйны мастацкі праект, прысвечаны сучаснаму дэкаратыўна-прыкладному мастацтву. У выставе V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва «ДЭКАРТ—22», што адбылася ў лістападзе 2022 года, удзельнічалі не толькі сябры секцый дэкаратыўнага мастацтва і тэкстылю Беларускага саюза мастакоў, але і творчая моладзь, студэнты, мастакі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Былі прадстаўлены формы як класічнага, традыцыйнага мастацтва, так і новыя эксперыментальныя інтэрпрэтацыі.
Выстава твораў з V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў «ДЭКАРТ—22» дэманструе новыя падыходы да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якое паступова выходзіць на іншы ўзровень — узровень аб’ектаў.
Мастацкі тэкстыль заўсёды быў уважлівы да формаў, якія ўзаемадзейнічаюць з чалавекам непасрэдна і блізка, дазваляючы адчуць пульс жыцця праз пагружэнне ў дэталі, фактуру і матэрыял. Сучасны тэкстыль дазваляе мастаку праявіць сябе праз новыя формы і тэхналогіі. Эксперыменты з матэрыялам, выкарыстанне нетрадыцыйных і нехарактэрных для класічнага тэкстылю матэрыялаў і элементаў дазваляе знайсці нечаканыя творчыя выяўленні і трансфармацыі тэм. Спектр мастацкіх рашэнняў надзвычай разнастайны: гэта і класічнае гладкае габеленавае ткацтва, вышыўка, мастацкі лямец і тэкстыльная мазаіка, розныя спалучэнні тэхнік і прыёмаў. Можна ўбачыць, што сучасная тэкстыльная пластыка ўсё больш напаўняецца аб’ёмам, часта ўбіраючы ў сябе рысы скульптурнага твора.
Кераміка таксама паступова выходзіць па-за межы традыцыйных форм. Для стварэння рэчаў «з зямлі» не патрабуецца шмат рэсурсаў. Але мастак можа выказаць максімум фантазіі і майстэрства ў адным творы. Асноўныя пошукі сучасныя мастакі-керамісты вядуць у накірунках паміж манахромным мінімалізмам і бруталізмам і экспрэсіўна-эмацыянальным маляўнічым і фантазійным стылем. Але пры гэтым керамічныя аб’екты, як і раней, прапануюць гледачу цяпло, чалавечнасць, тактыльнасць і глыбіню эмацыянальнага ўспрыняцця. Кераміка супраціўляецца аднастайнасці. Кераміка — заўжды індывідуальнае апавяданне.
Шкло, якое прадстаўлена на Трыенале асобным праектам, дэманструе разнастайнасць сучаснага мастацтва і дызайну. Тут ёсць як традыцыйныя, так і наватарскія работы. Усе яны паказваюць выдатнае валоданне мастакамі тэхналогіямі, але пры гэтым далікатнасць падачы і аздаблення. Экспануюцца работы з сімпозіума па мастацкім шкле, які адбыўся па ініцыятыве Беларускага саюза мастакоў на шклозаводзе «Нёман». Такая творчая калабарацыя сяброў саюза і супрацоўнікаў завода прымусіла ўсіх удзельнікаў праекта выйсці з зоны камфорту і дапамагла ўбачыць шляхі абнаўлення індустрыі шкляной вытворчасці ў накірунку стварэння мастацкага аб’екта.
У рамках V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва «ДЭКАРТ—22» мастацтвазнаўчым журы былі абраны лаўрэаты ў наступных намінацыях: «Традыцыя», «Наватарства», «Аўтарскі праект», «Аб’ект» і «Дэбют». Сярод лаўрэатаў ужо вядомыя мастакі, мэтры дэкратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі — Валерый Калтыгін, Наталля Яўглеўская, Вольга Сазыкіна, Генадзь Фалей. Найбольш яскрава заявіла аб сабе сярэдняе пакаленне мастакоў — Вольга Рэднікіна, Вольга Сямашка, Ганна Амбросава, Жанна Марозава, Хрысціна Высоцкая, Алена Чэпелева, Ірына Пекусава, Ірына Шчасная. Побач з імі імкліва развіваецца творчасць моладзь. Гран-пры Трыенале атрымала мастак, майстар кавальскай справы Марыя Тарлецкая.
Тэрміны працы выставы: 10 сакавіка — 26 красавіка.
Рэжым працы выставачнай залы: 10:00 — 18:00, выхадныя дн — панядзелак, аўторак.