Выбар

Мероприятие уже прошло
Поделиться
Отправить
Класснуть

3 кастрычніка Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа пачынае 98-ы сезон. Адкрыецца новы тэатральны год прэм’ерай драмы «Выбар» па п’есе вядомага беларускага драматурга Аляксея Дударава.

На што вы гатовы, каб выратаваць жыццё іншага? А калі гэта блізкі вам чалавек? А калі невядомы хлопчык – і выбар трэба рабіць зараз, імгненна?

На вучэннях вадзіцель танка, радавы Мікалай Шабуня рэзка збочвае з дарогі, бо нечакана перад машынай невядома адкуль аказваецца хлопчык. Шабуня і яго таварышы – радавы Андрэй Крынкін і сяржант Сямён Дробаў – ляцяць з абрыву... І гэта толькі пачатак спектакля.

Аляксей Дудараў, разам з ім пастановачная група і артысты спектакля, пачынаюць шукаць, усведамляць сапраўднае «я» герояў. Для гэтага «пракручваюць» стужку часу, вяртаюць іх не толькі ў асабістае мінулае, але і ў жывое жыццё, і ў мінулае нашай краіны. Вяртаюць, каб зразумець, ці быў высакародны ўчынак Шабуні гуманным подзвігам, ці можна параўнаць яго з патрыятычным гераізмам воінаў Вялікай Айчыннай вайны, беларускіх партызан, адказных перад сваімі бацькамі і дзецьмі... А можа, трэба было зрабіць больш рацыянальна, як лічыць Дробаў, і не прамяняць адно жыццё на тры? Кожны зможа адказаць сам пасля прагляду спектакля.

Рэжысёр Канстанцін Ганчароў лічыць, што драма «Выбар» распавядзе гледачам пра немагчымасць здзяйснення і прыняцця прамога зла, пра тое, што ў кожнага чалавека свой парог прыняцця вызначальнага рашэння. Разам з ім над спектаклем працавалі мастак-пастаноўшчык Андрэй Жыгур, кампазітар Ігар Пералыгін, харэограф Сяргей Талкач, гукарэжысёр Міхаіл Рудак, перакладчык тэкстаў песень Алесь Замкоўскі, асістэнт рэжысёра Святлана Дашкевіч.

У спектаклі занятыя: Яўген Бераснеў / Уладзіслаў Жураўлёў (сяржант Сямён Дробаў), Ілля Блыкін / Дзмітрый Філімоненкаў (радавы Андрэй Крынкін), Аляксей Анісеня / Антон Бараноўскі (радавы Мікалай Шабуня), Пятро Ламан / Георгій Лойка, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь (камандзір Курбатаў), Раман Волат (радавы Кашын), Таццяна Рогат / Дар’я Французава (Ірына), Анжаліка Баркоўская / Алена Шарэпчанка (Маці Дробава), Міхаіл Асанаў / Максім Ратомскі (Аляшкевіч), Вадзім Асвяцінскі / Дзмітрый Каваленка (Чалавек у чорным), Валянціна Багданава / Святлана Жукоўская (Доктар), Ульяна Ацясава / Святлана Сухадолава (Маці хлопчыка), Захар Бераснеў / Алік Ганчароў / Марк Скрыннікаў (Хлопчык).

Спектакль можна назваць своеасаблівай данінай памяці беларускага драматурга Аляксея Дударава, які ў красавіку 2023 года пайшоў з жыцця. Многія п’есы Дударава занялі годнае месца ў рэпертуары тэатра, мелі поспех сярод гледачоў і ўзнагароды: «Парог» (1982), «Вечар» (1983, Дзяржаўнай прэміі БССР, 1986), «Радавыя» (1985), «І быў дзень…» (1988), «Вежа» (1990), «Чорная нявеста» па п’есе «Чорная панна Нясвіжа» (1999), «Люці» (2003), «Млын» (2008), «Не пакідай мяне...» (2015), «Пёс Белага вострава» (2021).

За самую першую п’есу «Выбар» і зборнік прозы «Святая птушка» ў 1982 годзе Аляксей Дудараў быў узнагароджаны прэміяй Ленінскага камсамолу Беларусі.

Чакаем гледачоў 3 кастрычніка на адкрыцці 98-га тэатральнага сезона – прэм’еры драмы «Выбар»!

Пачатак – а 19-й гадзіне. Спектакль ідзе без антракту.

Узроставае абмежаванне – 12+.