Ваўкалак

Мероприятие уже прошло
Поделиться
Отправить
Класснуть

Шлях навяртання паводле аднайменнага апавядання з кнігі «Шляхціц Завальня».

Камерная сцэна.

Прэм’ера - 11 снежня 2019 года.

Стары чалавек праз гады ўспамінае сваё мінулае. Ён быў юнаком і кахаў Алёну. Тады і яна прыгарнулася да яго. Але з’явіўся служка пана Ілля, разбурыў прыгожую гісторыю жаданнем валодаць і прымусам узяў Алёну ў жонкі. Смутак ахапіў галоўнага героя. А на сваім вяселлі Ілля плоціць Арцёму, каб той прапанаваў нешчасліваму юнаку выпіць загаворанай гарэлкі. Моцная крыўда і атрута нараджаюць у юнака жаданне помсты. І вочы ягоныя пачынаюць гарэць па-ваўчынаму. І людзі пужаюцца. А сам ён пераўтвараецца ў ваўкалака – звера, пярэваратня, які бегае па лясах і можа толькі наводзіць страх на былых аднавяскоўцаў.

Ваўкалак не мае спакою, атручваецца нянавісцю да людзей, замешаных у ягоным няшчасці. Ён спрабуе спатоліць нянавісць злоснымі ўчынкамі - крадзе маленькую Ганну, дачку Арцёма. Але помста не прыносіць палёгкі, а даводзіць да глыбокай роспачы. Ваўкалак шкадуе пра ўчыненае, і пакута, разуменне каштоўнасці дабра дае шанс на выратаванне. Ад людзей ён чуе пра чараўніцу Аксінню, якая ўмее ператвараць людзей да звяроў і наадварот. Каля хаты Аксінні сустракаецца з ужо дарослай Ганнай, няшчаснай ад таго, што ваўкалак некалі скраў яе ў бацькоў. І ўрэшце ён прызнае, што «сам сябе зрабіў ваўкалакам». Юнак становіцца на шлях навяртання – звароту да чалавечага жыцця, якое амаль што згубіў.

Апавяданне «Ваўкалак» са знакамітай кнігі «Шляхціц Завальня», напісанай адным з заснавальнікаў беларускай літаратуры, пісьменнікам Янам Баршчэўскім, узнімае спрэчнае маральнае пытанне – пытанне помсты. Стваральнікі пастаноўкі ў Коласаўскім тэатры дакладна паказваюць уздзеянне гэтага пачуцця на чалавека. Да чаго можа прывесці выгадаванае ўнутры зерне зла? Ці прыносіць помста спакой? Як пазбавіцца ад цемры, якая знішчае душу?

У спектаклі артысты багата выкарыстоўваюць беларускі фальклор: абрады, прыказкі, вясельныя пажаданні, замовы, народныя аўтэнтычныя песні, у тым ліку ў апрацоўцы вядомага этна-трыа «Троіца».

Інсцэніроўка, пастаноўка і музычнае афармленне Ірыны ЦІШКЕВІЧ.
Сцэнаграфія і касцюмы Юліі КАРЫМАВАЙ.
Пластыка і харэаграфія Дзіяны ЮРЧАНКА.

Ролю ВАЎКАЛАКА выконваюць Дзмітрый КАВАЛЕНКА і Пятро ЛАМАН.

У спектаклі занятыя: Ульяна АЦЯСАВА, Яўген БЕРАСНЕЎ, Арцём БЛАХІН, Раіса ГРЫБОВІЧ, Святлана ЖУКОЎСКАЯ, Паліна КРАШЭЎСКАЯ, Юрась ЦВІРКА, Алёна ЧЫСТАБАЕВА.

Працягласць спектакля - 1 гадзіна 15 хвілін.