У 1892 годзе сусветна вядомы мастак Ілля Рэпін набыў каля Віцебска сядзібу і назваў яе Здраўнёва. Дзвінскія прасторы сталі месцам яго натхнення і адпачынку ад пецярбургскай мітусні. Дзякуючы вялікім творчым намаганням Рэпіна, былая сядзіба Сафіеўка набыла выключны мастацкі выгляд. Ліпавая алея, альтанкі, прыгожая сажалка, горка натуршчыка «Манблан»... Сядзібны дом з зубчастай вежай, пабудаваны па асабістым плане мастака, і зараз здзіўляе многіх чароўнай вытанчанасцю...
Спектакль-вандроўка па сядзібе Здраўнёва вяртае гледачоў у пачатак ХХ стагоддзя. Коласаўцы расказваюць пра Іллю Рэпіна і яго сям’ю, пра яго пастаянны ўнутраны творчы неспакой, пра тое, ці можа мастацтва для геніяльнага мастака быць вышэй за ўсе іншыя жыццёвыя каштоўнасці.