На Коласаўскай сцэне – спектаклі аднаго з самых вядомых тэатраў Беларусі. 25-27 кастрычніка запрашаем віцебскіх гледачоў на спектаклі Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі».
25 кастрычніка, 19:00 – сатырычная камедыя «Мудрамер» па п’есе Мікалая Матукоўскага.
Распавядаюць, што вялікаму Альберту Эйнштэйну настаўнікі ставілі ў дзяцінстве двойкі і тройкі па фізіцы. Вызначыць нормы геніяльнасці, таленавітасці або разумовай абмежаванасці бывае не пад сілу нават дасведчанаму псіхолагу. А вынаходнік-самавучка Мурашка прыдумляе апарат, які вызначае ступень чалавечай мудрасці. У спробах запусціць мудрамер у серыйную вытворчасць вынаходца звяртаецца ў канчатковую інстанцыю – Міністэрства ўзгаднення. З гэтага ўсё і пачынаецца…
Цікава, ці атрымае ён дазвол на вытворчасць? Ці аддзячаць людзі за гэтакі падарунак? Калі жадаеце даведацца праўды, то – калі ласка! – чакаем у Коласаўскім тэатры на гастролях Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.
Рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Гарцуеў. Мастак-сцэнограф Юрый Саламонаў. Мастак па касцюмах Марына Алекна. Мастак па святле Сямён Давыдзенка.
Ролі выконваюць: Андрэй Дабравольскі (Міністр узгадненняў), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў (Мурашка), народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель (Загуменная), Уладзіслаў Віленчыц (Другі намеснік Міністра), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Людміла Сідаркевіч (Першы намеснік Міністра), Наталля Халадовіч / Юлія Гружэўская (Нюра), Максім Паніматчанка / Уладзіслаў Ноздрын (Залівака).
Прэм’ера спектакля адбылася ў студзені 2019 года.
Працягласць – 2 гадзіны 20 хвілін. Узроставыя рэкамендацыі – 16+. Спектакль ідзе на беларускай мове.