24 красавіка а 18-й гадзіне ў арт-прасторы «Талстога, 7» адбудзецца адкрыццё выставачнага праекта «Пагоркі і грудкі» маладых беларускіх фатографаў з розных куткоў Беларусі.
Пагоркі часта займаюць асабліва святое месца ў розных культурах і служаць крыніцай узнікнення міфа. Невысокія і бяспечныя вяршыні, позірк з якіх працягваецца перспектывай бясконцых плаўных адлюстраванняў, не аднойчы станавіліся полем дзеяння таго ці іншага эпасу ці героя. Так Джон Толкін селіць свой маленькі народ, які выратаваў свет ад катастрофы, сярод зялёных грудкоў Шыру. А «Бітлы» накіроўваюць на вяршыню пагорка аднаго з самых светлых герояў сваіх песень.
Серыя фотаздымкаў «Пагоркі і грудкі» — гэта дружнае падарожжа па хвалістай паверхні часу і прасторы на летнім фатаграфічным пленэры на арт-хутары «Васіліна» непадалёк ад старажытнага Лоску.
Усе фотаздымкі надрукаваныя ў тэхніцы цыянатыпіі літаральна на летнім сонцы ўдзельнікамі праекта. Для танавання ў колер охры выкарыстоўваліся расліны, якія былі сабраныя на пагорках у працэсе сумесных эксперыментаў.
Крыніцай вобразаў для серыі паслужылі архіўныя фатаграфіі, аўтарскія здымкі ўдзельнікаў праекту і час, які пачаў змываць эмульсію і твары ў старых рамах, тым самым малюючы галоўную візуальную метафару праекта — крохкасць і разам з тым пастаяннае абнаўленне жыцця сярод маляўнічага прыроднага ландшафту.